250-дзённая (з 30.10.1941 да 4.7.1942) абарона горада і галоўнай ваенна-марской базы Чарнаморскага флоту ў Вял.Айч. вайну. У кастр. 1941 войскі 11-й ням. арміі (камандуючы ген.-фельдмаршал Э. фон Манштэйн) і рум. корпуса прарваліся ў Крым. Сав. войскі адышлі да Керчанскага п-ва, а частка сіл — да Севастопаля. 4.11.1941 з часцей Севастопальскага гарнізона, караблёў і авіяцыі Чарнаморскага флоту, а таксама часцей Асобнай Прыморскай арміі (ген.-маёр І.Я.Пятроў) створаны Севастопальскі абарончы раён (САР) на чале з камандуючым флотам віцэ-адм. П.С.Акцябрскім. Ням.-фаш. камандаванне ажыццявіла 3 буйныя наступленні на горад. Першыя два (11—21 ліст. і 17—31 снеж. 1941) штурмы севастопальцы адбілі і прымусілі ворага перайсці да абароны. Поспеху абаронцаў садзейнічалі падмацаванне, перакінутае з Каўказа, і Керчанска-Феадасійская дэсантная аперацыя 1941—42сав. войск, што прымусіла праціўніка аслабіць націск на Севастопаль. Перад апошнім штурмам (пачаўся 7.6.1942) у складзе САР налічвалася 106 тыс.чал., 600 гармат і мінамётаў, 38 танкаў, 100 самалётаў, лінейны карабель, крэйсеры, эсмінцы і інш.Ням. камандаванне сканцэнтравала пад Севастопалем амаль усю 11-ю армію (каля 204 тыс.чл., 450 танкаў, больш за 2000 гармат і мінамётаў, 1060 самалётаў). Цаной вял. страт 18 чэрв.ням. і рум. войскі прарваліся да Паўн. бухты, Інкермана, Сапун-гары, а 30 чэрв. ўварваліся ў горад. Невялікія групы абаронцаў разрознена адышлі да бухтаў і на мыс Херсанес. 4.7.1942 паводле загаду Стаўкі адбылася эвакуацыя часткі абаронцаў, некат. спрабавалі прарвацца ў горы да партызан. У баях за Севастопаль праціўнік страціў каля 300 тыс.чал. забітымі і параненымі. У абароне Севастопаля прымалі ўдзел беларусы і ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Героі Сав. Саюза лётчыкі М.В.Аўдзееў, Дз.М.Мінчугоў, У.А.Наржымскі, У.А.Скугар, маракі ВМФ Г.М.Халасцякоў, І.К.Хурс, А.Р.Азаронак, П.Ц.Бандарэнка, С.С.Варкоў, О.С.Жукоўскі, прадстаўнікі сухап. войск Я.В.Леашэня, А.Ж.Юхімчук, марскія пехацінцы Г.Н.Вішнеўскі, М.А.Савіцкі. У гонар гераічнай абароны 22.12.1942 устаноўлены медаль «За абарону Севастопаля» (узнагароджана больш за 45 тыс.чал.). У 1945 Севастопалю нададзена ганаровае найменне «Горад-герой».
Літ.:
Героическая оборона Севастополя, 1941—1942. М., 1969;
Крылов Н.И. Огненный бастион. М., 1973;
Огненные дни Севастополя. 2 изд. Симферополь, 1982;
Борисов Б.А. Подвиг Севастополя. 3 изд. Симферополь, 1977;
Долготович Б.Д. Твои сыновья, Беларусь. Мн., 2000.
Г.Дз.Бабусенка, В.А.Юшкевіч.
Да арт.Севастопальская абарона 1941—42. Абарона Севастопаля. Мастак А.Дайнека. 1942.